Урок.
Сербская балада. ХХ стагоддзе
«Пуцайце, я і сада држым час»,- словы Мілае Паўловіча, настаўніка з Крагуеваца, сказаныя фашыстам, калі яны расстрэльвалі 300 школьнікаў...
Дзеці, супакойцеся,
Мы правядзём сягоння з вамі
Апошні свой урок...
Па-першае, давайце мы паўторым
Мінулае.
Хто ведае, скажыце мне,
Што значыць радасць, воля, смех, Радзіма?
О, столькі рук -
Засвоілі вы добра урок мінулы.
А цяпер давайце запішам тэму новага урока..
Прабачце, не запішам, а запомнім.
Увага, Глішыч! Не глядзі спалохана
На аўтаматы...
Не круціся...
Значыць, тэма:
«Звяры дваццатага стагоддзя».
Мэта:
Вас навучыць хачу я ненавідзець
Такіх звяроў...
Страляйце ж, крывасмокі!
Чакаеце...
Ну што ж, тады прадоўжым
Урок наш, дзеці... Перад вамі экспанаты,
Не выкапнёвыя - жывыя экспанаты
І жорсткасці, і трусасці звярынай:
Яны ж баяцца нават вас, малечы,-
Безабаронных, Вяснушчатых, Кволых,
Хоць кулачкі адны - ўся ваша зброя...
Цішэй, не шморгай носам, Йовановіч!
Баяцца...
А таму, зірніце, абчапляўшыся
Гранатамі, Нажамі, Кулямётамі,
З дзяцьмі ваююць смела, неданоскі...
Не чысці, Крсціч, у фашыста боты -
На іх дыміцца кроў тваіх бацькоў...
Страляйце ж, ваўкаўё!
Марудзяць кулі...
Пойдзем тады далей,
Каб лепей разабрацца ў нашай тэме.
Звярніце ўвагу, дзеці:
У фашыстаў
Тупыя, абыякавыя твары,
А ў галаве пустой
(Хоць і такой вялікай!)
Не хопіць месца і маленькай думцы...
Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!..
Зірніце:
Вось - вышэйшай расы людзі,
Ніжэйшыя па думках за жывёлу,
Бо нават і ў сабачаняці вашага,
Вы помніце,
Якая мордачка разумная была...
Урок вы зразумелі, дзеці?
Можа,
Пытанні ў каго будуць? Задавайце.
Бо зараз зазвініць званок...
Званок той быў чаргою кулямётнай,-
Яго ўжо дзеці не змаглі пачуць...
«Страляйце, я і зараз вяду ўрок».
#Глуск #Гимназия #Стихи
Негізгі бет Янка Сіпакоў "Урок" Касцюкевiч Сцяпан
Пікірлер