Сустрэча з народным паэтам Беларусі Рыгорам Іванавічам Барадуліным у сценах Мётчанскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна адбылася 11 сакавіка 1995 года. Школа ў той дзень выглядала ўрачыста. Рыхтаваліся ўсе: вучні, настаўнікі, бацькі, шматлікія госці з суседніх школ. Стэнды, святочныя выпускі газет, кветкі і кнігі, кнігі, кнігі…
Вось які запіс паэт пакінуў пасля ў сваім дзённіку:
"11 сакавіка, субота.
У Мётчу да Уладзіміра Лайкова. Утульная, чыстая, з памытай падлогай школа. Як са сну. Усё як дома. Літмантаж. Шчырыя школьнікі. Заядла беларускія настаўніцы. Уся школа галасавала за Зянона. У Лайкова да здзіву чысты беларус сынок Янка. Дачушка Аленка - студэнтка беларускага аддзялення ўніверсітэта. Добра, што ёсць яшчэ такія куткі беларускасці. Шчырае застолле, як некалі ў нас дома. Дзякуй Уладзіміру за ягоны клопат пра будучыню нацыі. Шкада, што такіх дырэктараў школаў мала.
Уладзіміру Лайкову.
Лёс,
Не глядзі на нас, як вотчым,
Будзь цёплым бацькам,
Як Лайкоў.
Хай зорам зорыцца над Мётчай
З прабеларушаных вякоў!
***
Спадару Уладзіміру Лайкову -
Змагару за нашу рану-раніцу.
Ён і любіць, і галубіць мову
Як матулю, як дачушку, як абранніцу!
Негізгі бет Сустрэча з Рыгорам Барадуліным у Мядоцкай школе
Пікірлер: 1