БРОНЯ
Памяці Броні Ліпскай і ўсіх расстраляных
каля Мыслачанскай гары.
Калісьці быў і я у палоне
Пяшчотнай і прыгожай Броні
Пад Пціччу, на зялёным вале
Свае пачуцці мы яшчэ хавалі:
Маучалі на пахіленай вярбе,
І я часамі думау сам сабе:
"Наўрад ці давядзецца у жыцці
Яшчэ такую слаўную знайсці"
Я ведаў Броніну цнатлівую браню,
І сам яе ахоўваў чысціню,
Хіліўся да ружовае шчакі
Кранаўся непрыкметна да рукі.
Калі ўзнімалася у небе поўня,
Мы адплывалі ў сіні змрок на чоўне,
Плылі паволна на Высокі бераг,
Дзе плёскаліся то шчупак, то жэрах.
Вярталіся з бярэмамі чаромух,
І я часамі быў не промах:
Туліўся да ласкавай Броні,
А вуснамі не даставаў да скроні
Яна ўглядалася ў азоранае неба
I мне шаптала: "Лепш не трәба.
Вунь нават Поўня з нас смяецца,
Бо чуе, як няроўна сэрца б"ецца".
Крадком я углядаўся на калені,
Але бярог сваё і не сваё сумленне
Стаяў ад хвалявання ў горле ком,
I быў такім заўсёды дзіваком.
Мы развітацца не маглі да дня,
Плыла ў тумане наша чысціня…
Калі ж крывавыя ўварваліся нягоды,
Мне вочы Броні сніліся заўсёды.
Яны патухлі у вогненным віры
На схіле Мыслачанскае гары,
Прабіла пуля тыя скроні
Што не адважваўся пацалаваць у Броні.
Палеглі тысячы на жоўтым схіле,
Узняўся толькі камень на магіле.
Схіляюся я у нямым маленні ,
І станаўлюся моўчкі на калені,
Глытаю слёзы горкія на сконе…
"Не плач. Не трэба", -- шэпча Броня.
20/1I--7/I-- 98.
Сяргей Грахоўскі
#Глуск #Глуcчина #Сяргей_Грахоўскі
Негізгі бет Фильм және анимация С. И. Граховский "БРОНЯ"
Пікірлер